Расіяне пазбягаюць вяртацца на радзіму. Не баяцца дэпартацыі

У Кіраўскім раёне двое грамадзян Расіі не захацелі па сканчэнні тэрміну знаходжання выяжджаць з Беларусі.

Парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства выявілі падчас аперацыі «Нелегал-2022». Міліцыя яе праводзіць, каб выкрыць каналы незаконнай міграцыі замежнікаў, яе арганізатараў ды асобаў, якія садзейнічаюць гэтаму.

Газета Кіраўскага райвыканкаму «Кіравец» не паведамляе пра лёс расіян. Дадае толькі, што разам з імі «Нелегал-2022» выявіў грамадзяніна Казахстану, які знаходзіўся ў Беларусі з парушэннем правілаў перасоўвання і выбару месца жыхарства.

У Беларусі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства прадугледжаныя штраф, ці дэпартацыя.

Расіян найчасцей штрафуюць і страшаць дэпартацыяй. Дэпартуюць тых, за якімі цягнецца багатае крымінальнае мінулае. З такімі абыходзяцца без цырымоніяў.

Парушальнікі з гэтай катэгорыі спачатку зведаюць парадкі мясцовых ізалятараў часовага ўтрымання. У іх прабудуць пакуль не знойдуцца сродкі на адпраўку ў Расіі. Калі грошы ёсць, то абыйдзецца без зняволення. Развітанне з Беларуссю будзе не працяглым.

Што да грамадзяніна Казахстану, то ягоны лёс будзе залежыць ад таго, як «ляжыць карта». Супрацоўнікі міграцыйнай службы ўстановяць, што ён рабіў у Беларусі і як апынуўся ў беларускай глыбінцы. І далей вырашаць, што рабіць з парушальнікам заканадаўства.

З ламачча зрабіць шэдэўр. Магілёўская пенсіянерка дае другое жыццё таму, што cпарахнела б у лесе

Незвычайнае хобі мае магілёўская пенсіянерка Валянціна Шышкіна. Лясное ламачча яна ператварае ў драўляную скульптуру. Вобразы бачыць у адшуканым матэрыяле, з якога адкідае лішняе і выходзіць шэдэўр.

Валянціна Шышкіна рабіла ў Магілёўскім педагагічным інстытуце імя Куляшова (цяпер Дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова). Яна кандыдат педагагічным навук. Сваю працоўную кар’еру скончыла ў 82 гады.

Па яе словах свае скульптуры яна выстаўляла ў сваёй навучальнай установе. Выставы арганізоўваліся ледзьве не штогод. На пачатку 1990-ых работы вазіла ў Нямеччыну. На выгаданыя ад іх продажу грошы прыдбала лецішча. Там цяпер яе майстроўня. А ў самой хаце выставачная зала.

Суседзі называюць дом Шышкіных – казачным. Свае творы ў 85 гадоў гаспадыня даводзіць да ладу ў адрыне. У паху сена яна бавіць час, карпеючы над чарговым сваім шэдэўрам.

Валянціна Шышкіна кажа, што ад аўтара, які працуе з дрэвам, патрабуецца назіральнасць, засяроджанасць і троху фантазіі. Самае галоўнае – выбраць прыдатны матэрыял, убачыць у ім будучы вобраз, адзначае яна.

«З кампазіцыямі працаваць найбольш цікава», апавядае майстрыца журналістцы газеты «Зара Над Друццю».

Яна прызнаецца: падчас прагулак выглядае, што прыдасца ў працы. На ейным стале ляжыць багата галля, каранёў ды іншага ляснога ламачча.

Працу над будучай скульптурай Валянціна Шышкіна пачынае з падрыхтоўкі матэрыялу. Адкідае ўсё лішняе і тады больш ясным становіцца яе вобраз А на фінішы драўніну апрацоўвае адмысловымі рэчавымі і шукае месца для твору ў сваёй экспазіцыі.

фота газеты: Зара над Друццю zara.by

Бакаса, казулю, ваўка, лісіцу і нават шэрую варону. Іх дазволена страляць у ліпені

Гэты сумны спіс дапаўняюць кабан, сарока, янотападобны сабака, баклан, шэрая і белыя чаплі.

Пра тое, што на згаданых жывёлаў можна паляваць інфармуе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Нагодай, каб нагадаць аб гэтым стала адкрыццё палявання на бакаса – невялікай птушкі з даўгой і вострай дзюбай. Бакас папулярны аб’ект палявання з сабакам. Птаха, аднак, здабыць не проста. Паляваньне на яго вымагае карплівай працы.

Птушку страляць дазваляецца з другой суботы ліпеня па другую суботу жніўня, абавязкова ў дзень. На трох паляўнічых мае быць адзін сабака. Паляваць можна са стрэльбай і без яе, нагадвае газета «Прыдняпроўскі край», спасылаючыся на Таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Страляць дазваляецца ў ліпені, акрамя бакаса, самца казулі, кабана, ваўка, лісіцу, шэрую варону, сароку, янотападобнага сабаку, баклана, шэрую чаплю і чаплю белую вялікую.

фота з адкрытых крыніц

Урад аднавіў забарону на вываз пшанічнай мукі і грэчкі

Забарона будзе трываць тры месяцы для абароны ўнутранага рынку.

Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар, гаворыцца ў тэлеграм-канале “Урад Беларусі”.

У адзначаецца: забаронена вывозіць з Беларусі муку з пшаніцы, круп грубага памолу з грэчкі, грэчкавага збожжа абрушанага, гатовых харчовых прадуктаў з грэчкі.

Падобную пастанову ўрад выдаваў у сакавіку. Тады таксама забаранялася вывозіць  пшанічную муку і грэчку. Абмежаваньні трывалі тры месяцы да 16 чэрвеня.

фота з адкрытых крыніц

Улады абяцаюць стабілізаваць цэны. Што збіраюцца рабіць?

Урад і Камітэт дзяржкантролю зацвердзілі праграму стабілізацыі коштаў. Ёю прагледжваецца насычэнне ўнутранага рынку таварамі, а таксама ўвядзенне новых правілаў у эканамічным і адміністрацыйным рэгуляванні.

У Саўміне, настойваюць: «большасць мерапрыемстваў знаходзіцца ў высокай стадыі прапрацоўкі, асобныя ўжо рэалізуюцца», піша рэсурс «Смартпресс».

Неабходнасць такіх захадаў тлумачыцца праблемамі ў эканоміцы. 

Сёлета ў траўні спажывецкія кошты ў параўнанні з красавіком выраслі на 0,7%, а з пачатку года інфляцыя склала 11,9%. Гадавая інфляцыя дасягнула 17%.

Цэны на харчовыя тавары за год выраслі на 19,3 працэнта, нехарчовыя – на 18,7 працэнта, кошт платных паслуг павялічыўся на 10,8 працэнта.

Сярод першачарговых мераў, урадоўцы абяцаюць легалізаваць паралельны імпарт. 

Гэта значыць, у краіну будуць увозіцца тавары без згоды праваўладальніка гандлёвага знаку.

Ва ўрадзе тлумачаць, што такая часовая мера скіраваная на недапушчэнне дэфіцыту тавараў імпартнай вытворчасці на насычэнне спажывецкага рынку.

Неабходнасць яе выкарыстання выкліканая, тым, што краіна пад санкцыямі і ўладальнікі вядомых брэндаў пазбягаюць увозіць у Беларусь свае тавары.

Разлічвацца за энергарэсурсы збіраюцца расійскімі рублямі. 

Сёлета ў красавіка паведамлялася, што Міністэрства Беларусі і «Газпром» падпісалі адпаведныя дакументы.

Заяўлялася, што гэта створыць «камфортныя і празрыстыя» умовы разлікаў для Беларусі.

У чэрвені ж незалежным медыям стала вядома, што беларускія ўлады сталі затрымліваць аплату, бо, на іх думку, Расія штучна завышае курс расійскага рубля і цана выходзіла завялікай».

 

фота belmarket.by

Беларускім майстрам настольнага тэнісу забаранілі ўдзельнічаць у еўрапейскіх камандных спаборніцтвах

Еўрапейскі саюз настольнага тэніса пастанавіў не запрашаць да ўдзелу ў еўрапейскіх клубных спаборніцтвах беларускіх спартоўцаў. Забарона тычыцца сезону 2022-2023 гадоў. Тое тычыцца і расійскіх тэнісістаў.

Рашэнне аргументавана неабходнасцю гарантаваць бяспеку ўдзельнікам і захаваць цэласнасць еўрапейскіх клубных спаборніцтваў, гаворыцца на сайце Саюзу.

У публікацыі адзначаецца, што паводле праведзенага апытання, большасць еўрапейскіх клубаў не хоча спаборнічаць у Беларусі і Расіі. А вялікая колькасць не жадае ўдзельнічаць у спаборніцтвах наступнага сезону разам з спартоўцамі гэтых краін.

фота з адкрытых крыніц

МУС заявіў пра выкрыццё 80 педафілаў

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў комплексны падыход у супрацьдзеянні педафіліі дазволіў выявіць 131 злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх і выкрыць 80 педафілаў.

Паведамленне ў тэлеграм-канале ведамства аб выніках такой працы праілюстраваныя гісторыяй сексуальнага гвалту ў Гродненскай вобласці.

Ахвярай педафіла, як адзначаецца, стала 10-гадовая дзяўчынка. На змену яе паводзінаў звярнулі ўвагу педагогі і паінфармавалі міліцыю. Падазраваны быў затрыманы і супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Падкрэсліваецца, што выяўленне гэтага факту стала магчымым, дзякуючы «комплексу мерапрыемстваў па супрацьдзеянні злачынствам, звязаным з сексуальным гвалтам у адносінах дзяцей”.

Раней міліцыя паведамляла, што за першыя чатыры месяцы ў Беларусі выяўлена 390 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, альбо свабоды непаўналетніх. Падазраванымі прызнаныя 214 чалавек.

Ад іх дзеянняў пацярпелі 358 дзяцей. На аднаго педафіла практычна прыходзіцца па дзве ахвяры, указвалі міліцыянты.

фота носіць ілюстрацыйны характар

Чыноўнікі нагадалі, што не забыліся на беларусаў замежжа і пахваліліся дапамогай дыяспары

Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак паведаміў, што ў 2021 годзе беларускім дыяспарам была аказана дапамога на 42 тысячы рублёў. Па цяперашнім курсе – гэта 15 260 долараў.

У 2021 годзе ўлады ліквідавалі Згуртаваньне беларусаў замежжа “Бацькаўшчына”.


Румак: для нас важна, каб беларусы адчувалі сувязь са сваёй Радзімай


Аляксандр Румак адзначае, што на фінансавую дапамогу з гістарычнай радзімы беларусы замежжа набылі нацыянальныя строі. Іх прыдбалі беларускія грамады Літвы, Латвіі, Малдовы, Іярдану, Казахстану, а таксама беларускія арганізацыі Расіі. Акрамя таго, дыяспарам была перададзена беларускамоўная літаратура і нацыянальная сімволіка.

Па ягоных словах нацыянальнае адзенне дапамагае прэзентаваць беларускую культуру і традыцыі ў тых краінах, дзе пражываюць суайчыннікі.

«У 2022 годзе гэтая праца будзе працягнецца. Для нас важна, каб беларусы, нягледзячы на ​​тое, што жывуць далёка за межамі краіны, адчувалі сувязь са сваёй Радзімай», цытуе Аляксандра Румака газета «СБ. Беларусь сегодня».

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» – імкнулася кансалідаваць беларусаў на радзіме і замежжы.

У 2021 годзе, пра які згадвае Аляксандр Румак, Вярхоўны суд ліквідаваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Гэта было адно з найстарэйшых міжнародных аб’яднанняў краіны.

Яго дзейнасць была скіраваная на кансалідацыю беларусаў на радзіме і замежжы, умацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Яно бараніла правы і інтарэсы беларусаў у замежжы.

Дзякуючы яму ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а З’езды беларусаў свету станавіліся агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.

Ліквідаванне рэжымам Лукашэнкі Згуртавання адбылося ў межах распачатай пасля пратэстаў 2020 году кампаніі вынішчэння арганізацыяў грамадзянскай супольнасці Беларусі.

фота: wikimedia.org

 

 

Беларусы сталі менш піць “чарніла” і пераходзяць на слабаалкагольныя напоі, але ўсё яшчэ самыя п’яніцы ў свеце – статыстыка

Беларусь год ад года атрымлівае ад сусветнай маніторынгавай арганізацыі World Population Review статус самай алкагалізаванай краіны ў свеце. Гэтае званне было пацверджана і ў 2021 годзе. На бягучы момант наша краіна ўваходзіць у тройку краін па спажыванні спіртнога насельніцтвам. 

Міністэрства аховы здроўя не згоднае

Міністэрства аховы здроўя пярэчыць выкладкам World Population Review і прапануе свае статыстычныя выкладкі, якія перамяшчаюць Беларусь ужо на 25-е месца па ўжыванні алкаголю сярод краін свету.

Розніца ў падыходах ад беларускага міністэрства і ад міжнароднай маніторынгавай агенцыі заключаецца ў тым, што міністэрства не бярэ да ўвагі алкаголь, выраблены нелегальна – самагон і розныя бражкі. У той час як World Population Review абавязкова дабаўляе імавернае значэнне (якое, аднак, верыфікуецца адмысловымі даследаваннямі) самаробнага спіртнога да афіцыйнай статыстыкі.

Чыноўнікі малююць аптымістычную карціну

Што ж да афіцыйных дадзеных, яны малююць даволі аптымістычную карціну тэндэнцый, якія пануюць у беларускім грамадстве ў сферы ўжывання алкаголю.

Так, паводле статыстыкі за першыя тры месяцы 2022 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года ў краіне зменшыліся паказчыкі па ўжыванні піва (на 1%), вінаградных він (на 3%) і пладовых він (на 10,7%). Адначасова назіраецца рост спажывання шампанскага і іншых слабаалкагольных напояў – аж на 40%, каньякоў і брэндзі на 12%, лікёраў на 6%. 

А што кажуць тэндэнцыі

Калі прасачыць тэндэнцыю на большы перыяд, параўнаўшы з тым, колькі і што пілі беларусы за апошнія 10 гадоў, то мы будзем назіраць наступную тэндэнцыю. У параўанні з 2011 годам беларусы сталі ўжываць на 75% менш пладовых він, гарэлкі і лікёра-гарэлачных напояў менш на 30%, піва на 15% – паведамляе myfin.by.

Фотаальбом «Магілёў.media». Якім убачыў Мінскі заапарк жыхар Шклова?

Жыхар райцэнтру ў Мінскім заапарку разам з сям’ёю бавіўся цэлы дзень. Ён прызнаецца, што на чацьвёртым дзясятку свайго жыцця адкрыў даўно існуючую, цікавую і пазнавальную мясціну.

Свае прыгоды шклавянін фіксаваў на фота. Сэрыю фотаздымкаў даслаў у Магілёў.media. Яны папоўнілі фотаальбом выдання.


У фотаальбоме Магілёў.media – сабраныя фотаздымкі, дасыланыя чытачамі. Так павялося, што іх аўтары суправаджаюць свае работы невялікімі допісамі. У асноўным тлумачаць, чаму вырашылі сфатаграфаваць той, ці іншы ўпадабаны вобраз. Як і раней, чакайма фотаздымкай і допісаў да іх у паштовай скрынцы skrynia@mogilev.media.


Атар ліста адзначае, што на плошчы ў 15 гектараў жывуць 450 відаў жывёлаў. Калекцыя рыб, паўзуноў, птушак, звяроў налічвае 2500 асобін.

Па яго словах, дзеці былі ў захапленні, пабачыўшы малпаў, гіен, зебраў, зубра з мянушкай Байнэт, вярблюда ды прадстаўнікоў фаўны.

«Калі мядзведзю ў прасторным вальеры ў спёку было не зусім камфортна, горача, то насельнікі экзатэрарыуму, тэрарыуму, з выгляду адчувалі сябе выдатна. У паводзінах вадаплаўных птушак, якія прыжыліся на натуральных затоках Свіслачы, таксама не было нечага незвычайнага», – заўважае ён.

Далей наведнік звярынцу піша, што на пляцоўцы «Вясковая сядзіба» у адноўленым вясковым асяроддзі пасвяцца свойскія жывёлы: трусы, куры, коні, парасяты, авечкі, козы. На іх ня толькі можна глядзець, але дакрануцца і нават пакарміць, адзначае ён.

«Хоць для жыхароў глыбінкі такія звяры не экзатычныя, але пабачыць іх у нязвыклай абстаноўцы было цікава», – піша далей шклавянін.

У звярынцы ёсць свае дыназаўры, праўда, не жывыя, а іх манекены, удакладняе ён. Іх трымаюць у «Дынапарку».

У канцы ліста аўтар паведамляе, што Мінскі заапарк размешчаны на ўскраіне горада. Ён быў утвораны 9 жніўня 1984 году, як заабатанічны сад Мінскага аўтазаводу.

Недалёка ад яго станцыя метро “Аўтазаводская”. Побач парк 900-годдзя Мінска і Чыжоўскае вадасховішча.