Цягам 2023 года ў Краснаполлі супрацоўнікамі міліцыі былі дэпартавана 5 замежнікаў

У 2023 годзе Краснапольскім РАУС выдварана (выслана і дэпартавана) з краіны 5 замежнікаў. За парушэнне міграцыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута яшчэ 9 іншаземцаў паведамляе краснапольская раённая гаета “Чырвоны сцяг”.

Адзначым, што на падставе рашэння аб дэпартацыі або высылцы замежны грамадзянін або асоба без грамадзянства ўключаецца ў спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы. Дэпартаванаму іншаземцу ўезд у Рэспубліку Беларусь можа быць забаронены на тэрмін ад шасці месяцаў да пяці гадоў. Высланаму іншаземцу ўезд у Рэспубліку Беларусь можа быць забаронены на тэрмін ад шасці месяцаў да дзесяці гадоў.

Фота “Чырвоны сцяг”.

Рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык” пройдзе 16 верасня

VI рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык” адбудзецца 16 верасня. Праграма фэста будзе ўключаць ад канферэнцыі да майстар-класаў з конкурсамі работ.

Фестываль “Краснапольсі глечык” штогод праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых самабытных майстроў народнай творчасці Краснапольшчыны, а таксама адраджэння, захавання і развіцця творчасці майстроў Магілёўшчыны, падтрымкі найлепшых узораў народнай творчасці.

Для ўдзелу ў ім штогод запрашаюцца майстры народных рамёстваў, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ствараюць вырабы ў традыцыйных і сучасных тэхніках.

У праграме сёлетняга фэсту запланавана канферэнцыя “Традыцыйныя промыслы і рамёствы як аб’ект развіцця культурна-пазнавальнага турызму”, а таксама ўжо традыцыйныя выставы вырабаў майстроў народных промыслаў  і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класаў па розных відах рамёстваў. Акрамя таго плануецца конкурсы работ, выкананых у традыцыйных і сучасных тэхніках тэхніках пад назвамі “Незабытыя рамёствы” і “Рамёствы ў фармаце сучаснасці” – паведамляе раённая газета “Чырвоны сцяг”.

Фота “Чырвоны сцяг”.

Свята паэзіі збярэ паэтаў у Краснаполлі

V рэгіянальнае свята паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну» да 105-годдзя Краснапольскай раённай бібліятэкі, адбудзецца ў верасні бягучага года – паведамляе “Чырвоны сцяг. Краснаполле”. 

На працягу апошніх 5 год, на пачатку восені ў Краснаполлі ладзіцца рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”. Назва паэтычнага свята “Вянок Аляксею Пысіну” з’явілася не выпадкова. Так названы зборнік успамінаў магілёўскага пісьменніка і краязнаўцы В. Арцем’ева, у якім пра Аляксея Пысіна расказваюць вядомыя пісьменнікі і паэты Беларусі, людзі, якія асабіста ведалі А.Пысіна і тыя, хто любіць і ведае яго творчасць: Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Сяргей Грахоўскі, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Лідзія Пшанічнікава і іншыя.

У свяце паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” штогод прымаюць удзел мясцовыя паэты, у тым ліку С. Сыранкоў, Д. Кустаў, А. Амельчанка, Г. Каваленка, А. Войтаў, М. Шпунтоў, Д. Манько і іншыя.  

У межах свята сваёй творчасцю падзеляцца паэты з суседніх раёнаў – Наталля Азаранка (Касцюковіцкі раён) і В. Стасенка (Слаўгарадскі раён).

Нагадаем, што Аляксей  Пысін (1920-1981), беларускі савецкі паэт, перакладчык і журналіст, рэдактар. Заслужаны работнік культуры.

Нарадзіўся ў в. Высокі Барок на Краснапольшчыне. Вучыўся ў Палужскай СШ, Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску. Працаваў у раёнцы Бельска Беластоцкай вобласці, удзельнік вайны, быў двойчы паранены. 

Пасля вайны працаваў у раённай газеце Краснаполля “Чырвоны сцяг”, у магілёўскай абласной  “За Радзіму”, у чэрыкаўскай раёнцы, у рэдакцыі “”Магілёўская праўда”, быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1938 года. Першы верш быў надрукаваны ў газеце “Чырвоная змена”. Выпрабаваў на сабе ўплыў паэзіі М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, Я. Купалы, Я. Журбы, М. Чарота.

Дыяпазон яго паэтычнага таленту ўключае і грамадзянскі патрыятычны пафас, і тонкі лірызм. Адмысловае месца ў яго творчасці займаюць творы для дзяцей.

Памёр 27 жніўня 1981 года ў Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках.

У яго гонар названа вуліца ў Магілёве.

Фота з адкрытых крыніц

Сама сабе рэжысёр – у Краснаполлі дзяўчына арганізавала хатнюю порнастудыю

19-гадовая жыхарка Краснаполля размяшчала ў сацыяльных сетках рэкламу сваіх порна-відэапаслуг. За ролікі брала ад 20 да 100 рублёў, у залежнасці ад інтарэсаў заказчыка. Відэа здымала сама і сама выступала ў якасці актрысы. Цяпер супраць дзяўчыны шзбуджана крымінальная справа – паведамляе прэс-служба МУС.

Фота ілюстрацыйнае

Комплекс па вытворчасці рыб каштоўных парод плануецца стварыць у Краснапольскім раёне

Пастановай Савета Міністраў ад 15 чэрвеня 2023 г. вызначаны пералік праектаў, што рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці ў 2023 годзе, накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё раёнаў, якія падвергліся радыёктыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У прыватнасці, у пералік уключаны праекты: па стварэнню комплексу па вытворчасці рыб каштоўных парод у Краснапольскім раёне паблізу ракі Палуж вытворчай магутнасцю 1000 тон. Таксама – па будаўніцтве рэабілітацыйнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, па будаўніцтве басейна ў Слаўгарадзе. 

Таксама ў пералік уключаны праект па рэканструкцыі Чэрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, якая ўжо вядзецца – паведамляе краснапольская раённая газета “Чырвоны сцяг”.

Фота ілюстрацыйнае

Сын збірае сродкі на помнік бацьку, святару і падзвіжніку ў Краснапольскім раёне

Вядомаму святару, які аднаўляў храмы ў Краснапольскім раёне і стаў “Чалавекам года”, плануецца паставіць помнік.

Сяргей Давыдзенка, сын іерэя Віктара Давыдзенка, што служыў у вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна, збірае сродкі на выраб помніка святару – паведамляе краснапольская газета “Чырвоны сцяг”. 

Паслужэнства Віктара Давыдзенкі добра вядомае на Магілёўшчыне. Ён аднаўляў храмы ў самым сэрцы зоны адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а царква ў Выдранцы стала месцам паломніцтва для людзей з далёкіх краёў.

Іерэй Віктар Давыдзенка (1956-2021) нарадзіўся ў в. Казелле Краснапольскага раёна ў шматдзетнай сям’і.

Служыў у войску, працаваў у мясцовым саўгасе «Халмянскі», ажаніўся і стаў бацькам чатырох сыноў. Пасля аварыі на ЧАЭС жыў у Шклове, Дукоры Пухавіцкага раёна.

У 1997 годзе цяжка захварэў, думаў, што яго дні палічаныя, а лекары разводзілі рукамі. Але нехта сказаў: «Маліся Богу». І  ён прыняў рашэнне прысвяціць сябе Богу. Арцыбіскуп Сафроній прапанаваў яму рыхтавацца ў святарства. Быў на паслухмянстве ў Лядзенскім манастыры.

У 2010 годзе вярнуўся ў Выдранку, якраз на 105-годзе пабудовы храма. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці змог шмат зрабіць для добраўпарадкавання храма Святога Дзімітрыя Растоўскага. Яго працамі быў пабудаваны зімовы храм, храмы ў Мхінічах і Казеллі, добраўпарадкаваны крыніцы Дзімітрыя Растоўскага, Серафіма Сароўскага.

У 2018 годзе за значны асабісты ўклад у адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Краснапольскага раёна, за духоўна-асветніцкую дзейнасць настаяцель храма іерэй Віктар атрымаў ганаровае званне “Чалавек года Магілёўшчыны”.

Памёр пасля цяжкай хваробы 20 мая 2021 года.

Фота з адкрытых крыніц.

Гаспадарам забілі 21 мяч – прайшлі чарговыя гульні ў “падвале” магілёўскага футбола

У Краснаполлі мясцовыя футбалісты былі накаўціраваны гульцамі ФК “Горкі”, якія забілі гспадарам пятнаццаць галоў, а слаўгарадскія футбалісты на свой Дзень горада прайгралі з буйным лікам гасцям з Клімавічаў: 0-6. Па суме двух гульняў гаспадары атрымалі 21 гол ад сваіх гасцей.

Самым выніковым матчам трэццяга тура 2-й лігі па футболе Магілёўскага дывізіёна “Усход” атрымалася сустрэча паміж краснапольскімі і горацкімі футбалістамі. Тры дзясяткі гледачоў, якія сабраліся на футбольным стадыёне ў Краснаполлі ўбачылі поўнае знішчэнне і прыніжэнне мясцовай каманды на полі. Ужо ў першым тайме горацкія футбалісты забілі шэсць галоў гаспадарам, якія не змаглі нават “размачыць” браму гасцей. 

Другі перыяд стаўся яшчэ большай ганьбой для краснапольскіх футбалістаў, якія прапусцілі ад гасцей дзевяць мячоў. Горацкія хаўбекі і форварды проста разрывалі абарону гаспадароў, якая сыпалася на вачах. Вынік матча сведчыць пра поўнае дамінаванне на полі гасцей, якія не прапусцілі ніводнага гола ад краснапольцаў і рэкордна выйгралі 0-15. У гэтым матчы нешматлікія заўзятары змаглі пабачыць галы на любы густ, ад мячоў з гульні да мячоў з пенальці і стандартных палажэнняў. Праўда, забівала толькі адна каманда. 

Па-іншым сцэнары развіваўся матч паміж слаўгарадскімі і клімавіцкімі футбалісталі. Матч быў уключаны ў праграму свята горада, пра што раней пісалі mogilev.media. Аднак гэта не дапамагло мясцовым футбалістам паказаць якасную гульню. Сотня слаўгарадскіх футбольных заўзятараў пабачыла больш-менш упартую барацьбу ў першым тайме. Менавіта ў першых 45 хвілін сладгарадскія футбалісты змаглі хоць крыху супрацьстаяць клімавіцкім гульцам, якія тым не менш змаглі двойчы забіць гаспадарам.  

У другім тайме футбалісты з Клімавічаў выглядалі яшчэ больш упэўнена і рашуча. Барацьбу гасцям гаспадары не змаглі навязаць, працусціўшы ў першыя дваццаць хвілін другога перыяду яшчэ два мячы. Аднак на гэтым клімавіцкія гульцы не спыніліся і вырашылі дабіць суперніка на хатнім стадыёне, забіўшы ў суме за ўвесь тайм чатыры мячы. Адзначым, што матч быў з невялікім наборам парушэнняў правілаў, пагэтаму за ўсю гульню суддзя не паказаў ніводнай жоўтай карткі. 

Фота з адкрытых крыніц

На Краспапольшчыне хочуць увекавечыць месцы вёсак, адселеных пасля Чарнобылю

Яноўскі сельсавет у Краснапольскім раёне, які найбольш пацярпеў на Магілёўшчыне ад Чарнобыля, звярнуўся да былых жыхароў усіх адселеных вёсак на сваёй тэрыторыі. Сельсавет плануе рэалізаваць грамадзянскую ініцыятыву “Галасы зніклых вёсак”. Яе мэта – увекавечыць месцы, дзе некалі жылі людзі, каб яны не зніклі з памяці пакаленняў назаўсёды – паведамляе краснапольская раёнка “Чырвоны сцяг”.  

Кожнае месца, дзе колісь знаходзілася вёска, плануюць пазначаць таблічкай-паказальнікам або памятным знакам. Важна што на такіх помніках ці побач з імі будзе QR-код са спасылкай на інтэрнэт-рэсурс, дзе размесцяць гісторыю той ці іншай вёскі, а таксама звесткі пра вядомых ураджэнцаў населеных пунктаў.

Старшыня Яноўскага сельсавета Наталля Лагуціна адзначае, што падтрымае любую форму ўшанавання вёсак, якая будзе даспадобы выхадцам з выселеных вёсак: помнік, памятны камень ці нешта іншае. 

Гэтая ініцыятыва, па словах Лагуцінай, зможа аб’яднаць людзей з выселеных вёсак адной ідэяй і адной мэтай – захаваць памяць пра тыя неселеныя пункты, дзе яны нарадзіліся, жылі іх блізкія родзічы і далёкія продкі.  

Фота: “Чырвоны сцяг”

Старшыня сельсавета на Краснапольшчыне расшукала звесткі пра салдата і ўсталявала яму помнік

На могілках вёскі Забор’е Краснапольскага раёна ўстанавілі гранітны надмагільны помнік маладому салдату, якія загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Больш за год таму на могілках вёскі Забор’е было знойдзена пахаванне дзевятнаццацігадовага мясцовага салдата – Васіля Кажамякі. Было вядома, што ён гераічна загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Быхаўскага раёна і фарсіраванні Дняпра. Аднак больш інфармацыі не было ніякай. Зараз, практычна праз восем дзясяткаў год пасля страшнай вайны, усё больш складана знаходзіць сведкаў тых падзей і здабываць архіўныя звесткі.

Дзякуючы настойлівасці і ўпартасці старшыні Яноўскага сельсвавета Лагуцінай Наталлі, якая занялася грунтоўнымі росшукамі, дадаковая інфармацыя аб загінулым маладым салдаце знайшлася. 

Старшыня сельсавета праявіла сябе як сапраўдны сышчык і знайшла стрыечную пляменніцу загунілага салдата. Аказалася, што яна пражывае ў гарадскім пасёлку Шуміліна на Віцебшчыне. Пасля была знойдзена старонка ў сацыяльнай сетцы пляменніцы Кажамякі, з якой  даведаліся, што яна працуе ў адным з дзіцячых садкоў Шуміліна. Знайшоўшы ў  інтэрнэце тэлефон установы адукацыі, Лагуціна спытала каардынаты пляменніцы, каб потым стэлефанавацца з ёй самой. 

Пагаварыўшы непасрэдна з пляменніцай Васіля Кажамякі, высветліла, што тая забрала з дому сваёй цёткі (і маці салдата) партрэт Васіля на памяць. Гэты партрэт быў вельмі дарэчны, бо як насамрэч выглядаў загінулы салдат Кажамяка дагэтуль не ведалі. У выніку фотапартрэт быў адсканаваны і дасланы старшыні сельсавета – паведамляе краснапольская раёная газета “Чырвоны сцяг”. 

Урэшце старанна сабраныя матэрыялы паказалі, што звесткі пра салдата, якія былі ўказаныя на надмагільнай таблічцы раней, не адпавядалі рэчаіснасці.

Каб усталяваць чорны гранітны помнік з вялікім партрэтам Васіля Кажамякі трэба былі нямалыя фінансавыя выдаткі. Хоць пахаванне знойдзена больш года таму, аднак пошук фінансаў на помнік краснапольскаму салдату ўвянчаўся поспехам толькі цяпер. У зборы сродкаў для набыцця і ўсталявання помніка Яноўскаму сельсавету дапамагла Магілёўская абласная калегія адвакатаў.

Фота: “Чырвоны сцяг”

На Краснапольшчыне знайшлі два боепрыпасы часоў вайны

У раёне аграгарадка Халмы былі знойдзены снарад і граната часоў Другой сусветнай вайны. Дзякуючы пільнасці мясцовых жыхароў боепрыпасы былі выяўлены і знішчаны на месцы групай размініравання – паведамляе краспапольская раённая газета “Чырвоны Сцяг”. 

Адзначым, што абодва боепрыпасы былі цэлыя і маглі здэтанаваць, калі б іх своечасова не ліквідавалі. 

Фота: “Чырвоны Сцяг”