Аператыўнікі наркакантролю затрымалі 18-гадовага жыхара Круглянскага раёна, які набыў і захоўваў альфа-PVP – паведамляе прэс-служба МУС.
Праз пару дзён быў затрыманы яго “калега” – 16-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. У 10-класніка знойдзена і канфіскавана амаль 100 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС.
Хлопцы менш за месяц прапрацавалі закладчыкамі на адзін і той жа віртуальны наркашоп, распаўсюджваючы “тавар” на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Да моманту затрымання частку псіхатропаў яны паспелі раскласці па тайніках.
Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.
Кіроўца аўтамабіля Audi A8 на аўтадарозе Р-31 “Бабруйск-Мазыр” здзейсніў абгон на скрыжаванні і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ Бабруйскага РАУС.
37-гадовы жыхар сталіцы паспрабаваў даць хабар інспектарам за непрыцягненне да адказнасці. На неаднаразовыя папярэджанні міліцыянераў аб крымінальнай адказнасці вадзіцель не рэагаваў.
Мужчына затрыманы. Узбуджана крымінальная справа за дачу хабару – паведамляе УУС.
Вярхоўны суд Беларусі задаволіў іск Міністэрства юстыцыі і ліквідаваў апазіцыйную Партыю БНФ – паведамілі Sputnik у Мінюсце.
Сёлета ліквідаваны партыі «Зялёных», «Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды.
Партыя БНФ – адна з найстарэйшых апазіцыйных партый у Беларусі. Яна была заснавана ў 1993 годзе Зянонам Пазняком. З верасня 2017 да красавіка 2022 года кіраваў Партыяй БНФ Рыгор Кастусёў, якога вярхоўны суд прызнаў вінаватым ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і даў яму 10 гадоў калоніі.
Рашэнне Магілёўскага аблвыканкама, прынятае 11 жніўня 2023 года дазваляе пачынаць збор дзікарослых брусніц з 14 жніўня. Журавіны дазваляецца збіраць толькі з 11 верасня. Пры гэтым пастанова прадугледжвае, што колькасць спелых ягад падчас нарыхтоўкі павінна складаць не менш за 99% ад агульнай масы – у выпадку з брусніцамі. Што да журавін, то тут спелых ягад мусіць быць не менш за 95%.
Падчас збору гэтых восеньскіх ягад трэба глядзець мапу забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў.
Актуальная мапа знаходзіцца на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Сёлета працы на Паўднёва-Усходніх (лаўсанаўскіх) могілках Магілёва будуць весці ў дзве чаргі, у выніку яго плошча стане большая
У першую чаргу будуць праведзены будаўніча-мантажныя працы, якія павінны завяршыцца да канца жніўня. Затым будзе падрыхтавана адпаведная праектная дакументацыя, пасля чаго пачнецца этап будаўнічых работ.
Падрадчыкам на аб’екце выступае будаўнічая арганізацыя “Аблдарбуд” – паведамляе телэграм-канал ” Магілёў – мой горад”.
А яшчэ сёлета рэканструкцыя закране Цішоўскія могілкі ў Магілёўскім раёне.
Прайшло тры гады, як афіцыйна ліквідавалі транспартнае прадпрыемства “Крычаўгрузаўта”.
Эканамічны суд Магілеўскай вобласці ад 29 студзеня 2019 года прызнаў банкрутам адкрытае акцыянернае таварыства “Крычаўгрузаўта” і прыняў рашэнне аб ліквідацыі прадпрыемства, што і адбылося на працягу першай паловы 2020 года. Адзначым, што прадпрыемства з’явілася ў 1959 годзе і на працягу сваёй гісторыі ў шэсць дзясяткаў год называлася па-рознаму, але нязменна выконвала функцыі грузаперавозак, рамонта аўтамабіляў і грузавога аўтамабільнага парка.
Яскравым сімвалам прадпрыемства з’яўляўся тэхнапомнік – ЗІЛ-164. Гэта грузавая машына доўгі час працавала на прадпрыемстве, а пасля спісання была ўсталявана на невысокім пастаменце ў галоўнага ўезда на яго тэрыторыю. Разам са знікненнем аўтатранспартнага прапрыемства ліквідавалі і тэхнічны помнік, пра што раней пісаліmogilev.media.
Што цікава, то некалі на сцяне адміністрацыйнага будынку транспартнага прадпрыемства быў намаляваны чырвонай і зялёнай фарбай вялікі надпіс “ЗА БЕЛАРУСЬ”. Хоць “Крычаўгрузаўтра” ужо няма, але гэты лозунг застаўся дагэтуль.
Прычым на гэтыя падзеі наклалася крымінальная справа былога кіраўніка аўтатранпартнага прадпрыемства і дэпутата Крычаўскага райсавета 27-га склікання Уладзіміра Ільянкова, які абвінавачваўся ў выманьванні крэдытаў ў буйных памерах. Тэрмін яму прысудзілі ўмоўна (1,5 гады) і перавялі на пасаду галоўным інжынерам СПК “Маляцічы”. “Высокакваліфікаваны” кадр Ільянкоў фактычна разваліў прадпрыемства і выйшаў сухім з вады, змяніўшы працоўнае месца.
У Магілёве будуць судзіць 36-гадовага кіраўніка жыллёвага кааператыва – паведамляе пракуратура. Мужчына завалодаў грашовымі сродкамі кааператыва, якія знаходзіліся на дэпазітным рахунку і прызначаліся для патрэб капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Больш за 62 тыс. руб. ён перавёў у гатоўку ў банкаматах у Магілёве.
Грашовыя сродкі мужчына патраціў на набыццё асабістага аўтамабіля прэміум-класа “Mercedes-Benz GLA”, 2015 года выпуску, коштам 50 000 руб.
Заведзена крымінальная справа. Мужчына знаходзіцца пад вартай.
13 каністраў з 240 літрамі дызельнага паліва, схаваных на агародзе, знайшлі праваахоўнікі ў 65-гадовага жыхара Касцюковіцкага раёна – паведамляе прэс-служба МУС.
Яшчэ 105 літраў афарбаванага паліва былі ў паліўных баках двух трактароў, якія належаць мужчыне. Таксама ў яго было знойдзена 20-літровая каністра з неселектыўным гербіцыдам. Міліцыянты высветлілі, што дызпаліва і ядахімікаты ён скупляў у працоўных сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
За крадзеж ядахімікатаў у дачыненні да фігуранта і работніка сельгаспрадпрыемства, які рэалізаваў яму гербіцыд, следчымі ўзбуджана крымінальная справа. Па фактах незаконнага набыцця, захоўвання і рэалізацыі афарбаванага дызельнага паліва праводзіцца праверка.