Вырас бюджэт пражытковага мінімуму. А разам з ім узраслі дапамогі на дзяцей, узроставыя даплаты да пенсій, дапамогі па доглядзе інвалідаў І групы ці асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, сацыяльныя пенсіі інвалідам.
БПМ павялічыўся на 3,5%
У Беларусі з 1 жніўня бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры 364 рублёў 40 капеек, што на 3,5 % вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў раней. БПМ у такім памеры будзе дзейнічаць да 31 кастрычніка 2023 года
БПМ для асобных катэгорый насельніцтва вызначаны ў наступных памерах:
для працаздольнага насельніцтва – 403,94 рубля
для пенсіянераў – 271,09 рубля
для дзяцей да трох гадоў – 232,41 рубля
для дзяцей ад трох да шасці гадоў – 319,50 рубля
для дзяцей ад шасці да 18 гадоў – 388,35 рубля
Да гэтага сацыяльнага нарматыву прывязаныя дапамогі. У выніку яны таксама павялічыліся.
Дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складаюць: на першае дзіця — 651,35 рубля; на другога і наступных дзяцей —744,40 рубля; на дзіця-інваліда — 837,45 рубля. Памеры дапамогі выраслі на 7,5%.
З 1 жніўня аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае: пры нараджэнні першага дзіцяці — 10 БПМ, або 3644 рубля; пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 5 101,60 рубля; дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці (аднаразовая), — 100% БПМ, або 364,40 рубля.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічылася да 182,20 рубля (50 % БПМ). Выраслі і дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорый сем’яў: на дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), — 50 % БПМ, або 182,20 рубля; на дзіця-інваліда, старэйшага за 3 гады, — 70 % БПМ, або 255,08 рубля.
Змяніўся памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў: з І і ІІ ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці 18 гадоў і з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя да спаўнення дзіцяці ўзросту 3 гадоў — 100 % БПМ, або 364,40 рубля; з ІІІ і ІV ступенню страты здароўя пасля спаўнення дзіцяці 3 гадоў — 120 % БПМ, або 437,28 рубля. Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складае 70 % БПМ, або 255,08 рубля.
Павысіліся ўзроставыя даплаты да пенсій і памеры сацыяльных пенсій
Памер выплат для асоб ва ўзросце 75-79 гадоў цяпер складае 68,33 рубля, 80 гадоў і старэйшых (з улікам надбаўкі на догляд) — 136,65 рубля, а пры наяўнасці інваліднасці І групы —182,20 рубля.
Таксама павялічыліся памеры сацыяльных пенсій інвалідам і дзецям-інвалідам: інвалідам 1 групы, у тым ліку інвалідам з дзяцінства — 400,84 рубля; інвалідам з дзяцінства 2 групы — 346,18 рубля, інвалідам 2 групы — 309,74 рубля, інвалідам 3 групы — 273,30 рубля. Дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя — 291,52 рубля, другой — 309,74 рубля, трэцяй — 346,18 рубля, чацвёртай — 400,84 рубля.
Крычаўскія гісторыкі знайшлі шэраг цікавых дакументаў, а менавіта некалькі даваенных дакументаў, пасведчанне аб шлюбе 1945 года, а таксама апублікавалі найгрышы карэннага крычаўляніна, які ў час акупацыі навучыўся граць на губным гармоніку ад нямецкіх жаўнераў
Даследчыкі знайшлі ў прыватным архіве тры цікавых даваенных дакумента, два з якіх аказаліся беларускамоўнымі і датуюццца 1938 годам. Два аднатыпных дакумента напісаны жыхаркай Крычава Гнедко (у дзявоцтве Рэйда) Наталляй Кандрац’ёўнай, дзе яна на беларускай мове звяртаецца ў раённы аддзел з просьбай уладкаваць яе на працу ў дзіцячыя яслі. Прычым яна тлумачыць, што скончыла пяцімесячныя курсы па падрыхтоўцы ў педінстытут і нават была прынята на першы курс універсітэта, але “па сямейным абставінам не змагла паехаць на вучобу”.
А вось яе маці Рэйда Васса таксама напісала ліст, але крыху пазней, у лютым 1940 года. Яго змест не менш цікавы, бо ён ілюструе як няпроста жылі людзі перадваенны час, хоць ніхто і не думаў, што можа быць вайна. У лісце 78-гадовая жанчына на руска-беларускай трасянцы звяртаецца да намесніка крычаўскага райкома каб з яе прыбралі падатак на будынкі і абгрунтоўвае гэты тым, што непрацаздольна, яе муж памёр, а сама яна не мае нават “тридневнаго пропитания” – паведамляе інстаграм-старонка “Невядомы Крычаў”.
Даволі цікавым таксама з’яўляецца пасведчанне аб шлюбе, якое датуецца красавіком 1945 года, калі яшчэ нават не скончылася Другая сусветная вайна, хоць Беларусь была вызвалена. Але ў Крычаве ў гэты час ва ўсю ўжо гулялі вяселлі.
Аднак вішанькай на торце стаўся апублікаваны запіс двух нагрышаў нямецкіх мелодых карэнным крычаўлянаным Крыжэвічам Васілём 1929 года нараджэння. Яго гісторыя ўнікальна тым, што будучы 11-12 падлеткам ён навучыўся граць на губным гармоніку ад нямецкіх жаўнераў і пранёс сваё музыкальнае захапленне праз усё жыццё. Ён з легкасцю мог найграць нямецкую папулярную песню “Lilli Marleen” і нават напець нямецкімі словамі, а таксама выканаць нямецкі вальс, не кажучы ўжо аб народных танцавальных мелодыях ці папулярных савецкіх песнях.
А яшчэ пачытайце нетыповы ўспамін пра вайну нашага героя:
“Дык у мяне іх не адна [маецца на ўвазе губная гармошка], у мяне былі іх чорт знаіць: і двайныя гармошкі, у немцаў купляў. Карты купляў, прадаваў розную ерунду. Прі немцах краску браў, соду прадаваў на базарі, маркі сабіраў. У мяне марак прапала большэ тышчы марак нямецкіх… – Так што маркі хадзілі тут у нас? Хадзілі маркі. Наша дзесятка, дзесяць рублей сталінскіх – адна марка нямецкая, замешчала дзесяць рублей”.
17 раёнаў Магілеўскай вобласці патрапілі пад абмежаванне на наведванне лясоў – вынікае з мапы забарон Міністэрства лясной гаспадаркі. Падчас абмежаванняў лясы наведваць можна, але забараняецца праводзіць масавыя мерапрыемствы, паліць касцёр і тым больш – пакідаць пасля сябе недапалкі. У паўднёва-заходніх раёнах – Асіповіцкім, Бабруйскім, Глускім і Кіраўскім усялякія абмежаванні знятыя.
Праваахоўнікі Магілёўшчыны знайшлі больш за 3,5 кг сінтэтыкі ў двух братоў – 40-гадовага і 34-гадовага жыхароў Бабруйска, а таксама 31-гадовай жыхаркі Магілёва. Пра гэта паведамляе Пракуратура Магілёўскай вобласці.
Падчас вобшуку па месцы жыхарства бабруйчан праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі больш за 3,5 кг асабліва небяспечных псіхатропаў – 4-СМС, МДМА і альфа-PVP, якія прызначаліся для далейшага збыту дробнымі партыямі праз іншых наркакур’ераў. Адным з такіх распаўсюджвальнікаў аказалася магіляўчанка.
Жанчына забрала партыю псіхатропаў, пакінутых некалькімі днямі раней братамі ў тайніку ў Магілёўскім раёне. Зрабіўшы некалькі “закладак”, яна была затрымана на месцы злачынства. У яе знойдзена і канфіскавана 20 грамаў забароненых рэчываў.
На першыя дні жніўня ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць цёплае, але воблачнае з дажджамі і навальніцай надвор’е.
Працягласць дня скарачаецца па 3 хвіліны на суткі. 1 жніўня сонца ўзыйдзе а 5:13, зойдзе а 20:58, працягласць дня складзе 15:46.
У аўторак прагназуецца пераважна воблачнае надвор’е. Месцамі па вобласці чакаецца дождж, навальніца. Тэмпература ўноч да +15°С, удзень +25°С, увечары +20°С.
Вецер на працягу сутак паўднёвы, паўднёва-заходні, хуткасць 3-5 м/с. Поўня. Геамагнітнае поле спакойнае.
2 жніўня, у сераду, на большай частцы тэрыторыі вобласці на працягу сутак прагназуюцца дажджы, месцамі дажджы моцныя. Уранні +15°С, днём слупок тэрмометра падымецца да +23°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы паўднёвых напрамкаў, к вечару – з захаду, хуткасць вятроў да 6, месцамі пры парывах да 10 м/с. Магнітнае поле неўстойлівае.
У чацвер і пятніцу чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Месцамі пройдзе дождж. Днём да +25°С. Ранні сход.
У суботу, 5 жніўня, прагназуецца воблачнае надвор’е, на большай частцы вобласці чакаюцца дажджы. Удзень паветра прагрэецца да +27°С. Усходнія і паўднёва-усходнія вятры хуткасцю да 4 м/с.
У нядзелю прагназуецца пераважна сонечнае спякотнае надвор’е да +32°С.
Днём 27 ліпеня з 13.00 да 18.00 на Магілёў абрынуўся лівень. Паглядзіце падборку відэа з розных крыніц – ад соцсетак да афіцыйнага відэа МНС.
У выніку стыхіі адбылося падтапленне 11 падворкаў у Магілёве на вуліцах Струшня, 2-гі Струшанскі Яр, Мурманскай. Былі падтоплены ўчасткі аўтамабільнай дарогі на вуліцах Сіманава і Касманаўтаў.
Падраздзяленні МНС здзейснілі 2 выезды на ўборку паваленых дрэў – у вёсцы Баўсевічы Круглянскага раёна дрэва ўпала на праезную частку дарогі, у вёсцы Бакатоўка Магілёўскага раёна дрэва ўпала на дах прыватнага жылога дома, паведамляе прэс-служба МНС.
Сусветны дзень барацьбы супраць гепатыта (World Hepatitis Day, з 2008 года).
Праводзіцца па ініцыятыве Міжнароднага альянсу па барацьбе з гепатытам у гонар дня нараджэння амерыканскага лекара Баруха Блумбэрга, лаўрэата Нобелеўскай прэміі, які адкрыў вірус гепатыта B.
Гепатыт – віруснае захворванне печані, якое наносіць зруйнавальны ўдар па ўсім арганізме. Захворванне прызнана глабальна небяспечнай праблемай аховы здароўя. На гепатыт віруснай мадыфікацыі хварэе больш за 2 мільярды чалавек – кожны чацвёрты жыхар Зямлі.
У гэты дзень ладзяцца асветніцкія акцыі, прафілактычныя мерапрыемствы: правядзенне дыягностыкі, вакцынацыя.
Гепатыты B і C у сукупнасці штогод забіраюць жыцці да 1,5 мільёнаў чалавек. А на фоне пандэміі COVID-19 колькасць смерцяў ад віруснага гепатыту павялічылася.
2348 год да н.э. Ной упершыню адчыніў акно ў каўчэгу і паслаў галубку на пошукі зямлі.
Вада меншала да 10-га месяца. У 11-ы месяц, у 1 дзень Ной адчыніў вакенца, і паслаў крумкача, каб даведацца, ці адступіла вада. Птушка накінулася на целы мёртвых і не вярнулася да Ноя.
Ной паслаў галубку. Яна, не знайшоўшы апоры нагам сваім, палятала і вярнулася да Ноя. Праз 7 дзён, другі раз даслаў галубку. Птушка вярнулася да Ноя і прынесла ў дзюбе галінку алівы. Так Ной зразумеў, што адступіла вада. Яшчэ праз 7 дзён, паслаў галубку, і яна не вярнулася ў каўчэг, бо сышла вада з улоння зямлі. Ной жа дабраславіў птушку, хай будзе чыстай і наймудрэйшай сярод усіх птушак. Крумкача ж пракляў, залічыў да нячыстых птушак.
Было Ною 601-е лета яго жыцця. Працягваўся патоп на зямлі 20 месяцаў.
Праваслаўныя цэрквы шануюць памяць роўнаапостальнага князя Уладзіміра. Дзень хрышчэння Русі.
Хрышчэнне адбылося ў 988 годзе.
Лічыцца, што полацкія крывічы хрысціліся ў Дзвіне, радзімічы – у Блакітнай Крыніцы.
1586 год. У Англію з Калумбіі сэрам Томасам Хэрыётам прывезены клубні бульбы.
На Беларусь бульбу (гульбу) ў Гродна завезлі ў 1600-я гады шатландцы, а распаўсюджвацца яна пачала па ВКЛ з 1664 года з Бярозы – уладанняў Францішка Сапегі.
Бульба выратавала беларусаў ад голаду пасля вайны 1654-1667 гадоў.
Прыніжальная назва беларусаў “бульбаш” з боку рускіх спачатку адносілася толькі да ўніятаў, потым – да навабранцаў з літоўска-беларускіх губерняў.
У Расійскай імперыі па пасяўных плошчах і зборах бульбы выдзялялася Магілёўская губерня.
У СССР беларусы больш за іншых вырошчвалі і спажывалі бульбу. Хаця бульба – адзін з сімвалаў Беларусі, яе часта імпартуюць з Афрыкі, Азіі.
1812 год. Нарадзіўся Юзаф Крашэўскі (1812-1887).
Беларускі і польскі пісьменнік, “польскі Дзюма”.
Гісторык, фалькларыст, рэдактар, выдавец, публіцыст, музыка, мастак, акадэмік. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Пачынальнік польскай рэалістычнай прозы, аўтар больш за 600 тамоў твораў.
У Польшчы яго творы ўваходзяць у канон школьнай праграмы. Паўплываў на творчасць шматлікіх аўтараў, у тым ліку Э. Ажэшкі, Я. Купалы.
1890 год. Нарадзіўся Язэп Рэшаць (1890-1958).
Дзеяч беларускай эміграцыі, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, навуковец, пісьменнік, драматург і публіцыст.
Доктар філасофіі і тэалогіі. Адзін з відных тэолагаў і вучоных у гісторыі беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя.
У 1938 годзе выехаў у ЗША да ксяндза Яна Тарасевіча ў Ліс-Ілінойс каля Чыкага, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў.
Аўтар рэлігійных і навуковых кніг “З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі”, “Сьвятыя”, “Асновы хрысціянскай веры для беларускага народа”, “Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў”. Адзін з распрацоўшчыкаў статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў.
Пад псеўданімам Язэп Рушчанец выдаў п’есы “Першыя Ластаўкі”, “Зорка-ідэя”.
1897 год. Памёр Янка Лучына (Неслухоўскі, 1857-1897).
Беларускі паэт, перакладчык.
Псеўданімам Лучына падпісваў толькі творы на беларускай мове. Пісаў на польскай, рускай, беларускай мовах і ў розных жанрах.
Аўтар аднаго з першых твораў пра паўстанне 1863-1864 гадоў.
1914 год. Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі.
Пачалася Першая сусветная вайна (28 ліпеня 1914-11 лістапада 1918), якая знішчыла чатыры вялікія імперыі Старога Свету – Германскую, Расійскую, Аўстра-Венгерскую і Асманскую.
У 38 краінах-удзельніцах загінула 10 млн. чалавек. Страты Беларусі склалі ад 600 тысяч да 1 мільёна жыхароў.
Магілёў з 1915 да 1918 года з’яўляўся ваеннай сталіцай Расіі, у 1915-1917 гадах знаходзілася царская Стаўка.
1917 год. У Магілёў прыбыў новы галоўнакамандуючы рускімі ўзброенымі сіламі генерал Л. Карнілаў.
Разагнаў усе мясцовыя “саветы” і партыі, закрыў газету “Молат”, навёў парадак у вайсковых часцях.
1920 год. Памёр Алесь Гарун (Прушынскі, 1887-1920).
Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч.
Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917 года, сустваральнік БНР, рэдактар газеты «Беларускі шлях», адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай арміі.
У 1907 годзе быў арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць, асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Працаваў у Іркуцкай губерні, на баржы на рацэ Лене, на залатых прыісках у Якуціі.
Публікаваўся ў газеце «Наша ніва». Аўтар вершаў, паэм, паэтычных водгукаў на вершы сучаснікаў, зборніка «Матчын дар», які з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў ХХ стагоддзя.
Памёр у Кракаве па дарозе на курорт Закапанэ.
У гонар паэта ў Фрунзенскім раёне Мінска названа вуліца.
1944 год. Часцямі 1-га Беларускага фронта маршала К. Ракасоўскага ад нямецкіх войск вызвалены Брэст.
Беларусь цалкам вызвалена з-пад варожай акупацыі.
1945 год. Нарадзіўся Рыгор Белацаркоўскі.
Беларускі акцёр, Народны артыст.
Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
З 1985 года працуе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, вядучы акцёр.
1997 год. Памёр Лявон Луцкевіч (1922-1997).
Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, мемуарыст.
Сын прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча.
Скончыў Віленскую беларускую гімназію.
У Другую сусветную вайну настаўнічаў у Радашковічах і Баранавічах, прымаў удзел у нацыянальным падполлі.
Арыштаваны НКДБ у Польшчы ў канцы 1945, быў асуджаны на судовым працэсе над кіраўніцтвам Беларускай Незалежніцкай Партыі.
У 1988 годзе стварыў віленскае беларускае культурнае таварыства. З канца 1980-х г. актыўна падтрымліваў беларускі адраджэнскі рух. Аўтар кнігі “Вандроўкі па Вільні”.
2000 год. У Катыні пад Смаленскам адкрыты мемарыял польскіх і расійскіх ахвяр НКУС – першы ў Расіі міжнародны помнік ахвярам сталінізму.
Адкрыты да 60-годдзя расстрэлу палонных афіцэраў польскага войска – усяго 21 857 чалавек, у тым ліку ўраджэнцаў Беларусі.
У 2010 годзе пад Катынню адбылася авіакатастрофа, у якой загінула польская дэлегацыя на чале з Прэзідэнтам Польшчы, якая ляцела на 70-годдзе Катынскага расстрэлу. Расійскія ўлады зараз імкнуцца да закрыцця мемарыяла.
2007 год. У Шклове адкрыты помнік агурку.
Аўтар помніка скульптар Андрэй Вараб’ёў.
Шклоў – рэгіянальная агурковая сталіца, радзіма самага смачнага ў свеце, смарагдава-зялёнага і пурпурна-хрумсткага агурка.
З 2006 года ў Шклове ладзяць сваё свята – Дзень агурка.
Позна вечарам 26 ліпеня ў межах традыцыйнага пренэра па кераміцы “Арт-Жыжаль” прайшло галоўнае мерапрыемства – урачысты абпал фігуры, над якой працавалі ўе ўдзельнікі сімпозіўма.
“Арт-Жыжаль” – гэта адзіны ў Беларусі міжнародны пленэр па кераміцы. Пачынаючы з 1998 года яго ініцыятарам і натхняльнікам з’яўляецца знакаміты бабруйскі скульптар Валерый Калтыгін.
Ужо заўтра, 28 ліпеня ў гарадской галерэі Бабруйска кожны ахвочы зможа ўбачыць вынік ХVIII Міжнароднага пленэру па кераміцы, сустрэць аўтараў работ – піша “Бабруйскае жыццё”. Пачатак а 16-й гадзіне.
Тур запомніўся непрадказальнымі вынікамі, досыць грубай гульнёй і масай жоўтых картак. Аўтсайдэры праявілі характар, а большасць матчаў прайшло ва ўпартай барацьбе, разгромных лікаў няшмат.
Адразу некалькі нечаканых вынікаў у зоне “Усход”. Адназначна здзівіла параза касцюковіцкіх футбалістаў гасцям з крычаўскага “Сожа”. Да гэтага матча касцюковіцкі клуб быў крэпкім сярэднячком турнірнай табліцы, а вось “Сож” хоць часам паказваў добры футбол, але ішоў ззаду.
Чакалася, што матч будзе ўпартым, бо супернікі прыблізна роўныя па ўзроўню гульні. Матч артымаўся няпростым і дастаткова жосткім. У кожным з таймаў было шмат барацьбы, атакавалі абедзьве каманды і дастаткова востра.
У першым перыядзе гульня была абсалютна роўнай, але больш пашанцавала гасцям, якія змаглі адкрыць лік на 23-й хвіліне. Другі тайм гаспадары крыху падселі, стаміліся, хоць гулялі не горш за гасцей і мелі некалькі небяспечных атак у брамы крычаўскай каманды. Але, калі не забіваеш ты, то забіваюць табе.
Так і атрымалася на 63-й хвіліне, калі госці арганізавалі хуткую атаку да брамы гаспадароў, якая завяршылася голам. Канец матча застаўся без зменаў – 0-2 на карысць футбалістаў крычаўскага “Сожа”. Дарэчы, за ўсю гульню было паказана арбітрам пяць жоўтых картак, а матч быў насычаны стандартнымі палажэннямі.
Нечаканы вынік адбыўся і ў сустрэчы паміж футбалістамі чавускай “Нівы” і гасцямі з Дрыбіна. Гаспадары ва ўсіх матчах глядзелася камандай, якую не так проста выйграць, нават моцным супернікам. Але вось хатні матч супраць аўтсайдэра з Дрыбіна на задаўся з першых хвілін матча.
Ужо на 13-й хвіліне гаспадары збілі ў сваёй штрафной дрыбінскага форварда і госці змаглі рэалізаваць пенальці, тым самым заблытаўшы ўсю гульню гаспадароў.
Большая частка першага тайма праходзіла ў барацьбе ў цэнтры поля, з вельмі рэдкімі ударамі па абодвух брамах. Напрыканцы тайма футбалісты “Нівы” ўсё ж правялі небяспечную атаку, а галявы момант змаглі ператварыць у забіты мяч, зраўняўшы лік на табло.
Другі тайм быў зусім вялым: футбалісты абедзьвух каманд гулялі надта асцярожна, а ўдараў па брамах супернікаў амаль не было. На дзіва ў гэтым матчы дрыбінскія футблалісты змаглі спакойна дагуляць сустрэчу да нічыйныга выніку, прычым ўдараў па браме госці нанеслі больш, чым іх грозны супернік.
Абсалютна з нечаканым вынікам скончылася сустрэчы паміж мсціслаўскай “Віхрой” і гасцямі з Клімавічаў. Гаспадары выступалі ў ролі яўных аўтсайдэраў, што займалі апошні радок турнірнай табліцы зоны “Усход”, у сваю чаргу як клімавіцкі клуб ўпэўнена ішоў трэцім.
Сустрэча распачалася хуткім голам гаспадароў – ажно на трэцяй хвіліне. Мсціслаўцы ўпэўнена пачалі, але з цягам часу госці пачалі падціскаць іх да сваёй брамы. Урэшце клімівіцкія футбалісты добра арганізавалі атаку і на 23-й хвіліне змаглі зраўняць лік у матчы.
Другая палова першага тайма працягвала радаваць мясцовых заўзятараў футбола (якіх усяго на мсціслаўскім стадыёне было паўсотні) вялікай колькасцю атак, удараў і небяспечных момантаў.
У другім тайме мсціслаўцы зноўку пачалі актыўна дзейнічаць, раз за разам атакуючы пазіцыі суперніка. Гэта прынесла свой вынік – на 58-й хвіліне гаспадары зноўку выйшлі наперад. Другі гол прывёў клімавіцкую каманду ў замяшальніцтва, іх малюнак гульні стаў бляклы і футбалісты гасцей ніяк не маглі перахапіць ініцыятыву. А вось гульцы “Віхры” наадварот паспяхова адбівалі атакі суперніка, досыць востра контратакуючы.
Перамога мсціслаўскага клуба над значна больш моцнымі гасцямі сталася б сенсацыйным вынікам усяго тура. Аднак сенсацыі не выйшла. Напрыканцы матча клімавіцкія футбалісты правялі паспяховую атаку, а гулец гаспадароў заваліў супернікаў у сваёй штрафной. 11-метровы ўдар галкіпер “Віхры” адбіў, аднак на дабіванні падаспеў клімавіцкі форвард і адправіў мяч у пусты вугал брамы. У выніку сустрэча скончылася баявой нічыёй 2-2, хоць матч мог скончыцца сенсацыйным лікам на карысць мсціслаўскай “Віхры”. Але гаспадарам крыху не хапіла ўдачы.
Упартай і няпростай атрымалася сустрэча паміж кранапольскімі футбалістамі і гульцамі “Сервалюкс Агра”. Госці займаюць першы радок турнірнай табліцы зоны “Усход”, а краснапольцы ўпэўнена ідуць чацвёртымі.
Матч быў насычаны барацьбой, аднак гаспадары часцей фалілі і як вынік атрымалі ў кожным тайме па дзве жоўтых карткі. Футбалісты “Сервалюкса” гулялі больш моцна, ствараючы частыя вылазкі да штрафной суперніка. Вынік не прымусіў доўга чакаць. Ужо на 22-й хвіліне госці рэалізавалі свой галявы момант.
Госці мелі яшчэ небяспечныя моманты, аднак краснапольцы ўдала адбіваліся, ствараючы паралельна свае контрвыпады, частка з якіх былі дастаткова небяспечнымі.
Другі тайм пачаўся з невялікай перавагай у гульні гаспадароў, якія змаглі правесці некалькі добрых атак, але не змаглі забіць. У сярэдзіне тайма ініцыятыва перайшла да гасцей і яны замацавалі свае панаванне на полі забытім голам.
На жаль, усе спробы краснапольскіх футбалістаў забіць хоць адзін мяч не мелі поспеху, бо гульцы “Сервалюкса” мелі ў сустрэчы моцную абарону, якая не дала гаспадарам завяршыць свае атакі забітым мячом.
Больш прадказальна адбывалася сустрэча паміж слаўгарадскімі і горацкімі футбалістамі, у якой апошнія былі адназначнымі фаварытамі. Сустрэча пачалася з атак горацкіх, аднак гаспадарам удавалася даволі працяглы час адбіваць іх.
Каманда гасцей у стартавы адрэзак матча мела мноства шанцаў адкрыць лік, але падводзіла рэалізацыя момантаў. Варта адзначыць, што на камбінацыйную гульню негатыўны ўплыў аказваў стан газона слаўгарадскага стадыёна. Але госці змаглі прызвычаіцца да яго і на 20-й хвіліне матча адкрылі лік у сустрэчы.
На 32-й хвіліне горацкія футбалісты зноўку хуткай атакай прарваліся да штрафной суперніка і закаліці другі мяч у браму слаўгарадскай каманды. На 42-й хвіліне за парушэнне недалёка ад штрафной пляцоўкі гаспадароў быў прызначаны штрафны ўдар, які па-майстэрску ў дзявятку брамы супернікаў рэалізаваў горацкі паўабаронца.
У другім тайме была таксама вялікая колькасць небяспечных момантаў, але ў асноўным яны зыходзілі ад горацкай каманды. Гаспадары сустрэчы зрэдку ўцякалі ў контратакі, некаторыя з іх неслі сур’ёзную небяспеку для брамніка гасцей.
Нягледзячы на багацце момантаў, мяч толькі аднойчы пабываў у браме. На 61-й хвіліне ў выніку навясной перадачы свайго калегі горацкі форвард зрабіў лік ужо зусім непрыемным для слаўгарадскіх футбалістаў 0-4. Пасля мяча гульня збавіла абароты і была насычана барацьбой у цэнтры поля, а небяспечных момантаў і ўдараў было няшмат. У выніку 0-4 на карысць гасцей з Горак.
У Кіраўску адбыўся матч паміж аўтсайдэрамі тунірнай табліцы зоны “Захад” – кіраўскім і быхаўскім клубам. Матч распачаўся з хуткага гола на 10-й хвіліне ад быхаўскай каманды. Аднак праз пяць хвілін форвард гаспадароў зраўняў лік.
Пасля гульня перамясцілася ў цэнтр поля, дзе было шмат барацьбы. Так працягвалася амаль трыццаць хвілін, але госці ў канцы тайма змаглі забіць гаспадарам “у распранальню”.
Здавалася, што ў другім тайме быхаўцы выходзяць з вялікай перавагай, але атрымалася ўсе наадварот. У другой палове матча кіраўскія футбалісты актыўна пайшлі наперад і праз дзесяць хвілін пасля пачатку тайма гаспадары зраўнялі лік. Гэты гол дазволіў завалодаць ініцыятывай і наваліцца на браму гасцей, максімальна заціснуўны быхаўцаў у сваёй штрафной.
У выніку на 74-й і 77-й хвілінах дзве хуткія атакі гаспадароў скончыліся дакладнымі ўдарамі кіраўскіх форвардаў. Гульцы кіраўскай каманды не спыніліся разрываць абарону быхаўцаў нават у дадатковы час і ў выніку на 93-й хвіліне паставілі тлустую кропку ў матчы – 5-2 на карысць каманды гаспадароў.
Сустрэча была насычана парушэннямі правілаў і была дастаткова грубай, бо арбітр за матч паказаў 5 жоўтых картачак і адну чырвоную, якую напрыканцы сустрэчы атрымаў быхаўскі футбаліст.
Без барацьбы адбывалася сустрэча паміж бабруйскім “Тарпеда” і круглянскай “Зарой”. Гаспадары проста разрывалі абарону гасцей, а круглінскія футбалісты вельмі слаба глядзеліся ў сваіх рэдкіх контратаках.
Ужо ў першыя дваццаць хвілін бабруйчане забілі двойчы, хоць моманты для давядзення ліку да разгромнага былі яшчэ. Але на перапынак каманды пайшлі з лікам 2-0 на карысць гаспадароў.
Другі тайм толькі падкрэсліў поўную перавагу”тарпедаўцаў” на полі, якія дыктавалі гульню гасцям. Футбалісты “Зары” рэдка і беззуба атакаваўшы, прапусцілі сапраўды хуткую і вострую атаку гаспадароў на 60-й хвіліне, што завершылася трэцім голам у браму круглянскай каманды.
Пасля пэўнага зацішша і гульні ў цэнтры поля, бабруйчане зноўку ўзвінцілі тэмп матча і забілі запар два галы (на 80-й і 83-й хвілінах матча), маральна знішчаўшы суперніка. Напрыканцы матча адбылася ледзь не адзіная вельмі небяспечная атака гасцей, але круглянцы забіць не змаглі, прайграўшы ў выніку гаспадарам з разгромным лікам 5-0.
Самым нечаканым вынікам у зоне “Захад” з’яўляецца лік сустрэчы паміж бялыніцкай “Друццю” і магілёўскай юніёрскай камандай “Дняпро Юні”. Матч быў вельмі ўпартым, у якім было шмат барацьбы і парушэнняў правілаў, а таксама стандартных палажэнняў – за два тайма было паказана восемь жоўтых картак.
Першы тайм быў адносна роўны, але з некаторай перавагай магілёўскай каманды. Небяспечныя моманты былі як у адной, так і другой каманды, але ніхто не змог іх рэалізаваць.
Другі тайм рапачаўся з гола гасцей, калі разыгранае стандартнае палажэнне завяршылася прыгожай атакай і голам. Аднак у далейшым гульня была досыць роўнай, праўда пакрысе ініцыятыву пачалі перахопліваць гаспадары, якія на 81-й хвіліне змаглі забіць гол. Гэта было непрыемнай нечаканасцю для гасцей, якія пачалі здаваць і заседжвацца ва ўласнай штрафной.
Праз чатыры звіліны пасля першага ўзяцця брамы суперніка бялыніцкія футбалісты зноўку арганізавалі небяспечны выпад, які завяршыўся збіццём у штрафной магілёгскага клуба футбаліста “Друці”.
Пенальці бялыніцкія футбалісты рэалізавалі бездакорна і выйшлі наперад у досыць няпростым матчы. Пасля другога мяча гаспадары мелі яшчэ моманты, але не змаглі іх рэалізаваць. У сваю чаргу магілёўскія футбалісты не чакалі такой канцоўкі і яўна здалі пасля двух забітых галоў. Але магілёўцам пашанцавала і яны прайгралі з годным лікам 2-1.
Фота golk.by, gorkiv.by, chausynews.by і з адкрытых крыніц