Брытанія развіталася са сваёй каралеваю

У Вялікай Брытаніі пахавалі каралеву Лізавету II, якая памерла 8 верасня ва ўзросце 96 гадоў. Яна знайшла вечны спачын у капліцы Святога Георгія ў Віндзарскім замку побач з прынцам Філіпам, з якім пражыла ў шлюбе 73 гады.

Развітацца з жанчынай, якая кіравала краінай даўжэй за ўсіх брытанскіх каралёў і каралеў – 70 гадоў, у Лондан прыбылі 2 млн чалавек. Ахвотных аказалася так шмат, што чаканне ў чарзе да труны расцягвалася амаль на суткі.

У жалобнай цырымоніі ўзялі ўдзел 2000 чалавек – члены каралеўскай сям’і, сусветныя лідары, VIP-персоны і сотні прадстаўнікоў грамадскасці.

Лідэры Расіі, Беларусі, Сірыі, Венесуэлы, Афганістану і Мʼянмы не былі запрошаны на цырымонію.

У цырымоніі былі задзейнічаны некалькі тысяч вайскоўцаў. 20 млн чалавек глядзелі трансляцыю пахавання па тэлебачанні ў Вялікай Брытаніі, больш за 4 млрд чалавек – па ўсім свеце.

Новым каралём Вялікабрытаніі абвешчаны яе сын Чарльз пад імем Карл III.