120 прадпрыемстваў Мікалаева просяць дапамогі

120 прадпрыемстваў Мікалаева просяць дапамогі, каб аднавіць працу

У Мікалаеве наладжваецца эканамічнае жыццё і да гарадскіх уладаў звярнулася па дапамогу каля 120 малых і сярэдніх прадпрыемстваў – паведамляе news.pn.

Яны просяць дапамогу, каб аднавіць працу – гэтаму можа паспрыяць ААН.

Прадпрыемствы спрабуюць аднавіць дзейнасць і маюць патрэбу ў дапамозе фінансамі і абсталяваннем, а таксама ў рамонце і рэканструкцыі.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Зараз збіраецца банк дадзеных такіх прадпрыемстваў, каб перадаць інфармацыю міжнародным партнёрам – ААН, UN DP (Праграма развіцця ААН), якія прагнуць перайсці ад закупкі ежы для людзей да дапамогі малому і сярэдняму бізнэсу, каб людзі зараблялі сродкі і куплялі гэтую ежу самастойна. 

– Мы падтрымліваем гэты падыход і ўсяляк будзем садзейнічаць гэтаму – паведаміў мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч – А таксама выкарыстоўваем гэты час для ўмоўнай “хатняй працы” – сумесна з антыкарупцыйнай ініцыятывай ЕС ва Украіне пачынаем перагляд усіх рэгулятарных актаў. У выніку імкнемся даць бізнэсу камфортныя ўмовы вядзення спраў, празрыстасць працэсаў і памяншэнне выдаткаў. Без актыўнага бізнэсу ў Мікалаеве не атрымаецца ніякага імклівага аднаўлення.

Ён нагадаў, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання амаль усе буйныя прадпрыемствы закрыліся практычна адразу.

– Іншыя спыніліся, калі іх пачалі бамбіць. Ніводнае прадпрыемства не магло працаваць… Некаторых людзей адправілі ў вымушаны адпачынак. Тыя, хто выехаў за мяжу і не працаваў, таксама не атрымлівалі заробку. – распавёў мэр.

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».